Арганізаваць падарожжа на цэлы дзень і пераканаць дзяцей адарвацца ад гаджэта – гучыць як квэст павышанай складанасці. Але не для педагогаў ДУА “Парэцкая базавая школа Слонімскага раёна”. У канцы снежня адбылася экскурсія ў сталіцу нашай краіны – горад Мінск. Вучні з настаўнікамі наведалі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, назіральную пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі і, вядома, сучасную лакацыю – гандлёвы цэнтр “Дана Мол”.

Музей Янкі Купалы знаходзіцца ў цэнтры Мінска на беразе ракі Свіслач, дзе раней знаходзіўся дом беларускага песняра. На жаль, ён згарэў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці ўбачылі інтэр’ер рабочага кабінета і гасцявой паэта. Разам з дзяўчатамі і хлопцамі ў беларускім народным адзенні вадзілі карагод і спявалі купальскія песні. Змаглі часткова ажыццявіць мару вясковага хлопчыка з верша “Хлопчык і лётчык”, “палётаць” на самалёце У-2. Спрытна справіліся з інтэрактыўнымі заданнямі і рэбусамі, у якіх былі зашыфраваны назвы вершаў паэта. У парку імя Янкі Купалы нашу ўвагу прыцягнулі вавёркі. Уявіце сабе, дзеці з аграгарадка Васілевічы Слонімскага раёна прыехалі паглядзець на вавёрак у ажыўлены горад Мінск.

Падняўшыся на назіральную пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі, мы ўбачылі Мінск з вышыні птушынага палёту. Пад’ём ажыццяўляецца на панарамным ліфце. Пракаціцца на ім – велізарнае задавальненне, нават у пахмурнае надвор’е. Прыгажосць вакол нерэальная. Увесь горад перад табой, а побач праплываюць забаўныя шкляныя канструкцыі будынка самой бібліятэкі. Ну а на самой пляцоўцы можна бясконца любавацца наваколлем беларускай сталіцы. Адкрытая назіральная пляцоўка Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь размешчана на 23-м паверсе на вышыні 73,6 м. На даху ўстаноўлены бясплатныя панарамныя біноклі.

Dana Mall пацешыў дзяцей навагоднім дэкорам. У адным з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў сталіцы стварылі сапраўдную навагоднюю казку: не маленькую навагоднюю фотазону, не стандартную ёлачную кампазіцыю са снегавікамі і Дзедам Марозам, а цэлы Сусвет, разглядаць які можна гадзінамі. У гэтым годзе каля галоўнага ўваходу ў гандлёвы цэнтр размясцілася цэлае возера, акружанае гурбамі, заснежанымі дрэвамі і мільёнам агеньчыкаў. Але галоўная “фішка” гэтага года – чароўны гатычны замак, які ўзнімаецца пад купал.

Школьныя экскурсіі, як і ўрокі за межамі школы – гэта выдатны спосаб змяніць абстаноўку і перанесці навучальны або пазнавальны працэс у новае для вучняў асяроддзе.

Па-сапраўднаму цікавыя і займальныя экскурсіі надоўга застаюцца ў памяці дзіцяці, ствараюць цудоўныя ўспаміны. Зімовыя канікулы ў вучняў Парэцкай базавай школы ўдаліся!

 

Алена Кучынская, педагог, які выконвае функцыі класнага кіраўніка 7 класа ДУА “Парэцкая базавая школа Слонімскага раёна”

Поделиться
Перейти к содержимому