Удзел дзяцей у абрадавых святах заўсёды мае выхаваўчае значэнне. Прыгатаванне нацыянальных страў, афармленне святочнага стала, выкарыстанне традыцыйных прылад працы, прадметаў хатняга ўжытку, нацыянальнага адзення садзейнічае фарміраванню маральна-эстэтычнай арыентацыі вучняў. Дзеці не толькі знаёмяцца з нацыянальнай спадчынай, але і з асаблівасцямі мінулага мясцовасці, перш за ўсё, сваёй малой радзімы.

Ужо добрай традыцыяй стала правядзенне ў нашай установе адукацыі дэкады беларускай мовы, літаратуры, культуры і мастацтва, якая ў гэтым навучальным годзе распачалася святам нацыянальнай кухні “Смачна есці”.

Прысутныя ўспомнілі нацыянальныя стравы і напоі беларусаў, у тым ліку і тыя, якія на стале сучасных беларусаў, на жаль, з’яўляюцца рэдкасцю. Цікава было пачуць ад вядучых пра крупеню, жур, верашчаку, ламанцы, збіцень і многія іншыя стравы нашых продкаў. Не абмінулі ўвагай, канечне, бульбу – другі хлеб беларусаў, з якой гатуюць мноства смачнасцей: дранікі, калдуны, бабку, хрушчы…

З асаблівай пашанай вядучыя гаварылі і пра хлеб, бо найбольшая ўвага ва ўсе часы надавалася менавіта яму. “Хлеб – усяму галава”, – сцвярджае вядомая народная прымаўка. На свяце, па добрай беларускай традыцыі, гучалі прыпеўкі, песні і вершы, прысвечаныя гасціннасці беларусаў. Суправаджалася мерапрыемства рознымі конкурсамі: адгадванне загадак і складанне прыказак. А напрыканцы свята кожны мог пачаставацца беларускімі нацыянальнымі стравамі. Чаго толькі там ні было: дранікі, калдуны, бульба смажаная з вясковай каўбаскай, сала па-сялянску, капуста квашаная, яблыкі мочаныя, пірагі з рознымі начынкамі…

Свята вучні пакінулі ў добрым настроі, з пачуццём павагі і гонару да нацыянальных каштоўнасцей беларусаў.

Аксана КРАЧКО, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Навучальна-педагагічны комплекс Сялявіцкі яслі-сад – базавая школа Слонімскага раёна”

Поделиться