Свята, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы “О Беларусь, мая шыпшына…”, прайшло ў філіяле “Жыровіцкі цэнтр культуры”

Цікавую пазнавальную, гульнёвую і канцэртную праграму, а таксама выставу кніг беларускіх пісьменнікаў прапанавалі арганізатары гасцям свята роднай мовы ў Жыровіцах.

Запамінальна і ярка прайшло мерапрыемства для гасцей, большасць з якіх былі і актыўнымі ўдзельнікамі імпрэзы.

Вучні Жыровіцкай сярэдняй школы, слонімскія паэты і мастакі, бібліятэкары, жыхары аграгарадка Жыровіцы – усе разам яны склалі сапраўдны інтэрактыў. Юныя ўдзельнікі свята прадэманстравалі свае чытальніцкія здольнасці, а дарослыя – падзяліліся высновамі аб тым, як стаць не проста “тутэйшымі”, а праўдзівымі беларусамі. Аўтарская музыка ў выкананні мастачкі і барда Надзеі Салейка здзівіла і надзвычай узрушыла слухачоў, а знаёмства з паэтам і краязнаўцам Сяргеем Чыгрыным запомнілася, бадай, назаўжды. Паэтка Зінаіда Русак падарыла старэйшаму калегу па пяру аўтограф свайго верша, прысвечанага аднаму з твораў вядомага земляка, а школьнікі літаральна закідалі яго пытаннямі, і ніводнае не было пакінута без адказу. Па словах жыхароў аграгарадка, такога незвычайнага свята яны даўно не памятаюць, а найбольш цікавым эпізодам праграмы для іх стаў Спеўны сход, падчас якога ладзілася супольнае выкананне беларускіх песень.

Зінаіда АЛЕШЧЫК, загадчык філіяла “Жыровіцкі цэнтр культуры” ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”

Поделиться