Гістарычная спадчына, бяспека на дарогах, супрацьдзеянне экстрэмізму і ўмацаванне службовай дысцыпліны – гэтыя і іншыя найважнейшыя тэмы леглі ў аснову чарговага Адзінага дня інфармавання. Мерапрыемства, якое аб’яднала асабовы склад Слонімскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прайшло на базе сярэдняй школы №2 райцэнтра. У сустрэчы прыняў удзел намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Сукач і старшы інспектар міжраённага аддзела ДАІ Слонімскага раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрый Беладзед.

З ключавой тэмай чэрвеньскага дня інфармавання «Памяць у імя будучыні» выступіў намеснік начальніка райаддзела МНС Юрый Булыка. Ён адзначыў, што падмуркам велічы і самога існавання любой суверэннай дзяржавы з’яўляецца яе гістарычная памяць. Толькі засцерагаючы праўду пра мінулае, грамадства здольна будаваць упэўненую і мірную будучыню.

– Кошт той вялікай спадчыны, якая пакінула нам пакаленне пераможцаў, вылічаецца мільёнамі страчаных жыццяў нашых суайчыннікаў і мільярднымі матэрыяльнымі стратамі, – падкрэсліў Юрый Булыка. – Але пакуль жыве святая памяць аб гэтых падзеях у сэрцах нашых грамадзян, да таго часу будзе жыць і квітнець сама Беларусь.

Важнай часткай сустрэчы стала абмеркаванне пытанняў правапарадку і бяспекі. Старшы інспектар дзяржаўтаінспекцыі Дзмітрый Беладзед падрабязна спыніўся на тэме захавання правілаў дарожнага руху работнікамі ведамства і нагадаў прысутным аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства.

Працягваючы прававую тэматыку, намеснік начальніка райаддзела МНС Юрый Булыка акцэнтаваў увагу выратавальнікаў на мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і тэрарызму. Асабістаму складу давялі інфармацыю аб адказнасці, прадугледжанай заканадаўствам за рэгістрацыю на інтэрнэт-рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, а таксама за распаўсюджванне падобных матэрыялаў у глабальнай сетцы Інтэрнэт.

Падводзячы вынікі сустрэчы, намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Сукач падрабязна спыніўся на пытаннях захавання дысцыпліны, законнасці і падтрымання высокага маральнага аблічча супрацоўнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Асаблівую ўвагу ён удзяліў прафілактыцы бытавога траўматызму, а таксама папярэджанню кіберзлачынстваў, ахвярамі якіх з-за залішняй даверлівасці могуць стаць як самі работнікі, так і члены іх сем’яў.

Кацярына Бялько

Поделиться
Перейти к содержимому