Дзве прыемныя падзеі сталі нагодай для нашай сустрэчы з Ірынай Антонаўнай Войткай. Таленавітая паэтка і пісьменніца, кіраўнік літаратурнага аб’яднання імя А. Іверса, прыгожая жанчына, вельмі шчыры чалавек, добры сябар рэдакцыі газеты «Слонімскі веснік» не так даўно адзначыла юбілейны дзень нараджэння, а ў мінулую пятніцу адбыўся яе творчы вечар.

Тэм для размовы з Ірынай Антонаўнай сабралася вельмі шмат, самыя цікавыя моманты нашай гутаркі прапануем чытачам.

– Ирына Антонаўна, раскажыце, калі Вы зразумелі, что Ваша жыццё дакладна будзе звязана з паэзіяй, з творчасцю, што талент патрэбна развіваць?

– Разуменне прыйшло на сярэдзіне жыцця, у той момант, калі трымала ў руках сваю першую кніжку «Спасціжэнне», якая была надрукавана ў 2003 годзе. Яна стала адлюстраваннем маёй творчасці, думак, уражанняў…

Кніга атрымала даволі вялікі водгук у чытачоў, людзі агучвалі, што знаходзілі сябе ў маіх вершах, перажывалі падобныя пачуцці, мелі такое ж уражанне ад жыцця. Я зразумела, што трэба працягваць пісаць, што без паэзіі маё існаванне не будзе мець сэнсу.

Дарэчы, кніга «Спасціжэнне» была выдадзена пры падтрымцы Івана Лук’янавіча Сяргейчыка, члена Саюза пісьменнікаў, які сабраў таленавітых землякоў у літаб’яднанне пры газеце «Слонімскі веснік». Раней мае вершы ўжо друкаваліся ў раённых газетах, рэспубліканскіх выданнях, але уласная кніга – гэта іншае, гэта новая ступень у творчасці.

– Ведаю, что ў свет выйшлі ўжо тры зборнікі вершаў і Вы пачалі пісаць прозу…

– Другая кніга «Пагляджу вачамі неба» выйшла ў 2010-ым, яе рэдагаваў Мікола Шабовіч, вядомы паэт, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. У гэтым жа годзе мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Рэкамендацыі далі нашы масцітыя пісьменнікі – Віктар Гардзей і Мікола Арочка. На той момант было наладжана супрацоўніцтва з калегамі з Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў, яны таксама падтрымалі ідэю аб маім уступленні ў аб’яднанне.

У гэты перыяд творчага жыцця разумела, што ўзрастаю ў сваёй творчасці, тэмы маіх вершаў-споведзяў сталі адухоўленыя, больш філасофскія. Яны прыводзяць чалавека да роздуму: як трэба жыць, як неабходна ладзіць стасункі з людзьмі.

— У 2021 годзе быў надрукаваны трэці паэтычны зборнік «Кранаюся вечнасці». Чаму такая назва? З часам пачынаеш асэнсоўваць жыцце, шлях, які пройдзены. Хочацца зразумець: а што наперадзе? Як трэба існаваць? Што такое вечнасць?

-На мой погляд, вечнасць – гэта тое, што ўжо адбылося з намі і што наперадзе. А тое, што ёсць – толькі імгненне, якое хутка пераходзіць у вечнасть. Гэта тэма мяне моцна хвалюе і зараз: з якімі набыткамі ў душы, у сэрцы, у думках мы ідзем да Вечнасці?

Не так даўно мне захацелася паспрабаваць напісаць празаічны твор, з узростам эмоцыі становяцца спакайнейшымі, а погляд на свет шырэйшым, хочацца даследаваць лёсы людзей у прозе. Мае невялікія апавяданні, замалёўкі ўжо друкуюўцца ў літаратурных часопісах.

Выйшла чацвертая мая кніга «Олимпийский чемпион из Слонима. Повесть о Владимире Романовском», зразумела, на спартыўную тэматыку. Яна з’яўляецца часткай серыі «Звезды Гродненского спорта». Гэта публіцыстычны аповед пра станаўленне нашага праслаўленага спартсмена.

Адзначу, што пісаць кнігу было даволі складана, бо Уладзіміра Вацлававіча ўжо няма на гэтым свеце, цяжка было знайсці інфармацыю. Дзякую за дапамогу родным спартсмена, трэнеру СДЮШАР № 2 Уладзіміру Іванавічу Лойку, дырэктару спартыўнай школы Андрэю Міхайлавічу Дубіне. Кніжка выйшла пры падтрымцы слонімскага райвыканкама. Спадзяюся, у лістападзе-снежні правядзём яе прэзентацыю.

– Якія значныя падзеі ў Вашай творчай біяграфіі можна адзначыць?

– Кожны надрукаваны ў газеце ці часопісе твор – падзея, бо па сутнасці гэта сустрэча з чытачом. Мае вершы, а цяпер і проза, з’яўляліся на старонках такіх выданняў, як «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», «Слонімскі веснік»,«Гродзенская праўда», «Роднае слова», «Пралеска», альманаху Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў «На Нёманскай хвалі», які выходзіць раз у два гады. Вядомы беларускі часопіс «Полымя» у гэтым годзе надрукаваў мае апавяданні, што вельмі значна. Заўсёды прыемна сустракацца з аматарамі паэзіі на творчых сустрэчах, якіх было вельмі шмат за апошнія гады.

Ганаруся перамогай ў літаратурным конкурсе фестываля «Вытокі»: мой «пераможны» верш «Роднае слова» кампазітар Валерый Шмат паклаў на музыку, атрымалася добрая песня, якую выконвае арт-група «Беларусы». Прыемна, что гэтай кампазіцыяй адкрываюць Дні беларускага пісьменства.

А яшчэ мяне запрасілі стаць госцей тэлеперадачы «Суразмоўцы», якая выходзіць на тэлеканале «Беларусь 3». Гэта быў цікавы вопыт. Запіс перадачы лёгка знайсці ў Інтэрнэце.

– Раскажыце пра дзейнасць літаб’яднання.

– З 2006 года ўзначальваю літаратурнае аб’яднанне імя А. Іверса пры газеце «Слонімскі веснік», цяпер нас дзевяць чалавек. Кожны – шчыра любіць творчасць, кожны мае што сказаць чытачу. Разам мы арганізоўваем творчыя вечары, выступаем перад землякамі, удзельнічаем у імпрэзах, якія ладзяць ў Слоніме і іншых раёнах.
Хачу падзякаваць рэдакцыі газеты «Слонімскі веснік» за тое, что друкуюць літаратурныя старонкі, на якіх змяшчаюцца нашы вершы.

– Вы дапамагаеце пачынаючым паэтам рэдагаваць вершы, давесці іх да дасканаласці, гэта нялёгкая праца…

– Тут дапамагае філалагічная адукацыя і любоў да паэзіі. Калі зачытваешся вершамі, пішаш сам, пачынаеш адчуваць іх натуральна, як яны павінны гучаць. Каб быў рытм, памер, мелодыя. Лічу, что паэзія – тая ж музыка.

Усе вершы павінны спачатку пісацца ў стол, калі пройдзе час, пачынаеш глядзець на іх іншымі вачамі: гэта слова можна замяніць, тут задоўгі памер, тут трэба скараціць, а тут не гучыць.

Вельмі важна, што паэт жадае данесці да чытача. Мы можам аддаць толькі тое, што маем. Калі сэрца напоўнена дабрынёй, то і ў свет чалавек будзе несці толькі светлае.
Трэба бачыць у жыцці прыгожае. Пра гэта, напрыклад, мой верш «Кветкі восені».

Кветкі восені, кветкі восені,
замярзаеце, засыхаеце.
І скрозь снегу халоднай просіні
нас усмешкамі зноў вітаеце.
Мы бяжым усё, завіхаемся
між былою зімою і гэтаю.
Кветкам восені не здзіўляемся
па-за вёснамі, па-за летамі.
А вы стрункія, нібы босыя,
зноў усмешкамі нас вітаеце.
Кветкі восені, кветкі восені,
вы зіму сабой растапляеце.

– Каб лепш зразумець Вашу творчаць, да якіх твораў трэба звярнуцца?

– Перш за ўсё гэта патрыятычная лірыка: «Я па зямлі тваёй хадзіла, мая Радзіма», «Мне палескія воды ўцехай», «Паеду па ўсёй Беларусі». Таксама на вершы, якія прысвечаны Слоніму, напрыклад, «На будаўніцтва Спаса-Праабражэнскага сабора ў Слоніме». Вось некалькі радкоў з яго:

А прыйдзе часіна,
з высокай званіцы
Пакліча сабор наш Хрысту
пакланіцца.
І схілім галовы
прад гэтаю брамай,
Знайшоўшы нарэшце
дарогу да храма.

Многа твораў прысвечана маёй матулі, раю пачытаць мае нерыфмаваныя вершы.

– Як з цягам часу змяняліся тэмы, якія Вас хвалююць? Ірына Войтка 20 гадоў таму і сёння – гэта два розных чалавека?

– Ірына Войтка дваццаць гадоў таму – гэта рамантычная, аптымістычная асоба, са сваімі поглядамі на жыццё. Цяпер гэта празаік, які ўсе больш хоча разважаць аб жыцці ў прозе. Паэзія патрабуе асобай арганізацыі тэксту, лаканічнасці, гарманічнасці. Проза дае большыя магчымасці.
У творчасці ў апошні час звяртаюся да тэмы выміраючых вёсак, пра гэта апавяданні «Вішня», «Калі назаўсёды?». Апошняе пра хлопца, які збіраецца прадаць бацькоўскую хату, пра тое, як цяжка яму гэта зрабіць.

– Што акрамя творчасці цікавіць Вас сёння? Аб чым марыце?

– Люблю быць у курсе розных з’яў, пачытаць раённыя, рэспубліканскія, сусветныя навіны. З задавальненнем баўлю час на прыродзе, вырошчваю агародніну, займаюся садоўніцтвам.

Як паэтка мару пра новыя кнігі. Калі працавала ў дашкольнай адукацыі, пісала добрыя дзіцячыя вершы, але не друкавала. Жадання напісаць вялікі раман няма, а вось выдаць кнігу апавяданняў і замалёвак было б някепска.

Хачу, каб землякі, і не толькі яны, з задавальненнем чыталі вершы слонімскіх паэтаў, каб у літаратурнае аб’яднанне прыходзілі новыя таленавітыя людзі, каб літаратурнае жыццё Слонімшчыны і надалей працягвалася.

Вольга КУР‘ЯН

Поделиться
Перейти к содержимому