21 чэрвеня ў аграгарадку Навасёлкі восьмы раз прайшоў традыцыйны фестываль «Паўлаўскі каравай», які стаў сапраўдным святам для ўсіх аматараў народных традыцый.

Адкрылі фестываль старшыня Слонімскага раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Алег Мечыслававіч Таргонскі і старшыня Паўлаўскага сельскага выканаўчага камітэта Марыя Уладзіміраўна Кашко. Яны звярнуліся да ўдзельнікаў і гасцей з прывітальным словам і падкрэслілі важнасць захавання і адраджэння хлебапякарных традыцый, якія робяць наш рэгіён унікальным.

Алег Мечыслававіч ўручыў каштоўны падарунак удзельнікам фальклорнага калектыву «Чараўніцы-Каравайніцы». У рамках мерапрыемства адбылася цырымонія ўзнагароджання самых актыўных жыхароў Паўлаўскага сельсавета — ім уручылі памятныя падарункі.

Асаблівым упрыгожаннем фестывалю сталі майстры-каравайніцы — Алена Паўлаўна Шундрык і Святлана Мікалаеўна Снітко. Гэтыя жанчыны сталі захавальніцамі ўнікальнай хлебапякарнай традыцыі Слонімшчыны, дзякуючы чаму Паўлаўскі каравай набыў другое жыццё і стаў вядомы далёка за межамі нашага рэгіёну.

Арганізатары фестывалю прапанавалі ўдзельнікам мноства тэматычных пляцовак, на якіх кожны мог знайсці нешта цікавае для сябе. На пляцоўцы «Паўлаўская спадчына» майстры раскрывалі сакрэты выпечкі і праводзілі майстар-класы, усе жадаючыя маглі паспрабаваць духмяны каравай і нават навучыцца яго гатаваць.

На пляцоўцы «Цуды ручной працы» госці фестывалю змаглі не толькі палюбавацца вырабамі ручной работы, але і самі паспрабаваць свае сілы ў кераміцы, ткацтве паясоў, вышыўцы і вырабе лялек-амулетаў — майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяліліся сваімі ведамі з усімі жадаючымі.

Аматары смачнай ежы маглі атрымаць асалоду ад беларускіх страваў на пляцоўцы «Смачна есці», дзе частавалі салам і яйкамі, прыгатаванымі па рэцэпце нашых продкаў на бервяне і многімі іншымі стравамі. А пляцоўка «Гульнявыя забавы» сабрала як дзяцей, так і дарослых, якія з задавальненнем прымалі ўдзел ва ўнікальных мясцовых абрадавых гульнях. Не абышлося і без яркіх фотазон, дзе можна было зрабіць яскравыя фотаздымкі.

Лепшыя калектывы Слонімшчыны парадавалі ўсіх прысутных сваімі выступленнямі. На сцэне фестывалю выступілі ўзорная харэаграфічная студыя «Нон-Стоп», ансамбль народнай песні «Жывіца», фальклорны вакальны ансамбль «Славяначка», а таксама госці фестывалю – ансамбль народнай песні «Уладары» Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры.


Яўгенія СІДАР

Поделиться
Перейти к содержимому