Аўторак стаў незвычайным днём для дзевяцікласнікаў: класная гадзіна адбылася ў “французскіх сценах” краязнаўчага музея імя І.Стаброўскага. Вучні трапілі да “французаў” – у шляхецкае асяроддзе.З ветлівай усмешкай нас сусрэлі супрацоўнікі выставы. Гаспадыня Анжаліка Вячаславаўна з вялікім захапленнем паведаміла пра сабраныя экспанаты французскага інтэр’еру 19 стагоддзя – ампір,у якім галоўнымі стваральнікамі стылю сталі мастакі- дэкаратары, малявальшчыкі-арнаменталісты.

Вучні спачатку пабывалі ў гасцявой, потым у дамскім пакоі, а пасля – у сталовай, у пакоі адпачынку. Усюды панавала ўтульнасць, прыгажосць і багацце інтэр’еру стылю вялікага Напалеона.І гэта ўсё стваралі пазалота, мармур, бронза і свет. Залы ўпрыгожвалі драўляныя, з загадкавай разьбой, часткова скураныя крэслы, падсвечнікі, кальдэраблі, мармуровыя ружовыя ці чорныя сталешніцы з шуфлядкамі і дэкаратыўнымі ўмацаваннямі, гарнітуры “На паляванні”  (гадзіннік з фігурай паляўнічага ў поўны рост і птушкамі, падсвечнікамі ), “ Зборшчык вінаградаў”, кансолі (маленькія высокія столікі), цяжкі абедзеены дубовы стол на 8-19 персон, шафа са сталовымі прыборамі і чайным сервізам, статуэткай Напалеона, незвычайны пісьмовы столік, які ў час адпачынку ператвараўся ў столік для гульні ў карты, прыгожыя канапкі, карціны ў пазочаных рамах…

Вучні з цікавасцю слухалі аповед экскурсавода і разглядалі рэдкія экспанаты выставы. Напрыканцы сустрэчы вучняў здзівілі вельмі і маленькія загадкавыя насценныя падсвечнікі: гледзячы ў іх, можна было б загадаць жаданне, што ўсе і зрабілі.

Зачараваныя ўбачаным і пачутым вучні, пакідалі сцены выставы задаволеныя, спадзяючыся, безумоўна, што іх жаданне абавязкова збудзецца. І ўсё дзякуй выставе і супрацоўнікам музея.

Класны кіраўнік 9 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа №5 г. Слоніма”

Поделиться