Першую суботу восені навучэнцы, бацькі і педагогі дзяржаўнай установы адукацыі “Новадзявяткавіцкая сярэдняя школа імя Б.Т.Пішчыкевіча Слонімскага раёна” сустрэлі па-летняму горача і захапляльна. Дзень здароў’я пад назвай “Здаровы я – здаровая школа мая” наведала большая палова навучэнцаў.

На чале з дырэктарам школы, Блізнюком Дзмітрыем Аляксандравічам, хлопчыкі і дзяўчынкі, бацькі і педагогі з бадзёрым настроем старанна пераадольвалі спартыўныя іспыты.

Школьны стадыён на некаторы час пераўтварыўся ў незвычайныя спартыўныя лакацыі. “Футбольная ліга чэмпіёнаў” прапанавала пераадоліць паласу перашкод і кожнаму забіць свой, доўгачаканы гол. Майстэрства валодання мячом дэманстравалі ўдзельнікі “стрыт-батла”, трапнасць – “валейбол-батла”. Гімнастычны “варкаут-батл” сустрэў юных і дарослых спартсменаў скакалкай, прэсам і падцягваннем. Дзякуючы  “інтэлектуальнаму фітнэсу”, каманды даказалі, што сіла без розуму непаўнавартасна.

Годна прайсці кожную лакацыю і зарабіць пераможныя балы атрымалася ў кожнай каманды. Завяршылася спартыўнае свята заключнай эстафетай “Школьны экспрэс”. Пераможца – бадзёры настрой і камандны дух!

Ракуць І.А., педагог сацыяльны

 

Поделиться
Перейти к содержимому