17-гадовай палесскай дзяўчынай яна прыехала на Слонімшчыну. Тут сустрэла каханне, абрала прафесію да душы, выгадавала двух сыноў… Але, пра ўсё па-парадку.

Развітанне з Палессем, новыя сцяжыны жыцця

Калыскай, родным куточкам для Вольгі Данілаўны Блізнюк, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі «Новадзявяткавіцкая сярэдняя школа імя Б.Т. Пішчыкевіча Слонімскага раёна» стала маляўнічая вёсачка Рамель, што ў Столінскім раёне.

Наша гераіня нарадзілася ў дружнай мнагадзетнай сям’і. Бацька Даніл і маці Вікторыя гадавалі чатырох сыноў і дачушку не толькі словам, але і ўласным прыкладам. За добрасумленную працу Даніл Дзмітрыевіч неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі, падзякамі, дыпломамі, яго партрэт некалькі гадоў запар размяшчаўся на раённай дошцы гонару, а Вікторыя Міхайлаўна за выхаванне 5 дзяцей узнагароджана медалём Мацярынства III ступені. Маючы бацькаў характар, ад матулі ў Вольгі – вытрымка і жаноцкасць. Менавіта бацькі навучылі жыць па сродках, быць удзячным за тое, што маеш, не выказваць прад’яў да жыцця і людзей.

«Цяга да настаўніцтва ў мяне была заўсёды, – дзеліцца ўспамінамі Вольга Блізнюк. – Гэта была нейкая святасць, да якой хацелася дакрануцца».

Кастрычнік. На парозе Новадзявяткавіцкай школы яе сустракае былы дырэктар Павел Уладзіміравіч Крот. А намеснік дырэктара Васіль Уладзіміравіч Ракуць на ўласным аўто ў хуткім часе павязе ў горад на працаўладкаванне. Потым менавіта ён стане для маладой настаўніцы, на той час педагога-арганізатара, маяком настаўніцтва. А тады ён захапляльна апавядаў юнай Вользе, у якія прыгожыя мясціны яна трапіла, а само падарожжа ў горад неўзабаве пераўтварылася ў гістарычны экскурс.

Ужо праз некаторы час няспынныя слёзы па родным куточку прайшлі і наша гераіня ўступіла на самастойны шлях, годна пайшоўшы педагагічнай сцяжынай.

Урокі жыцця, дапытлівыя вочы і позірк у самае сэрца

«Настаўнік – гэта педагог, які не толькі вучыць прадмету, а вучыць жыць праз гэты прадмет», – лічыць Вольга Блізнюк. Неаднаразова выпускнікі розных класаў дзякавалі настаўніцы за тое, што яе ўрокі мовы і асабліва літаратуры праходзілі як урокі жыцця. Для яе гэта самая высокая адзнака і ўзнагарода.

Для Вольгі Данілаўны каштоўнасць прафесіі настаўніка ў тым, што яна не дае згаснуць як самому настаўніку, так і дае магчымасць запальваць агеньчыкі, якія будуць гарэць далей.
Як і ўсе, яна таксама стамляецца, падчас адчувае ўнутраны неспакой, незадавальненне. Але з упэўненасцю сцвярджае, што сваю работу любіць. Гэта для нашай субяседніцы не праца і неабходнасць, гэта – лад жыцця.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры не дазваляе сабе прыйсці ў школу з дрэнным настроем. Яе чакаюць дзеці.

«З задавальненнем гляджу ў іх дапытлівыя вочы, – адзначае субяседніца. – Люблю хваліць дзяцей. Кожнага па-свойму. Аднаго за 10-ку, другога за 4-ку… Я заўсёды знайду, за што пахваліць нават складанага падлетка. Але, не скажу, што я шчодры настаўнік на выстаўленне балаў. Дзясятку ў мяне трэба зарабіць».

«Выключна рэдка я павышаю голас», – дзеліцца сакрэтамі Вольга Блізнюк. Яна адна з тых настаўніц, чый позірк можа паўздзейнічаць на сумленне навучэнцаў. Не раз яны прасіліся, каб лепш яна накрычала на іх, чым так глядзела. Дарэчы, дысцыпліна заўсёды была добрай. Самі навучэнцы гаварылі: «Нам проста сорамна пры вас сябе дрэнна паводзіць».

Як педагог, які выконвае функцыі класнага кіраўніка, Вольга Данілаўна ніколі не чыніць на людзях ніякіх разборак. Зачыніўшы за сабою дзверы, настаўніца і дзеці «пашэпчуцца», дамовяцца і знойдуць паразуменне ў любой сітуацыі.

Па-сённяшні дзень Вольга Блізнюк з прыемнай усмешкай успамінае, як адзін з вучняў, хочучы зрабіць сюрпрыз, падараваў ёй букет, схаваўшыся загадзя ў шафе. Чатыры выпускнікі абралі беларускую філалогію як адукацыю. Ульяна Мыслівец – адна з іх. Штогод віншуе настаўніцу і дзякуе за жыццёвы прыклад.

Нягледзячы на адданасць сваёй працы, наша гераіня часам расчароўваецца, стамляецца, але эмацыйна выгараць сабе не дазваляе. Для яе гэта пра самадысцыпліну і Божую дапамогу.
Яна з тых педагогаў, якія няспынна ідуць у нагу з часам. Іх не спужаць сучаснымі тэхналогіямі. Хоць гэта і бывае няпроста. Дарэчы, Вольга Данілаўна лічыць, што валоданне асновамі штучнага інтэлекту дазваляе наладзіць стасункі з сённяшнімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі.

«Нягледзячы на сучаснасць, дзеці чакаюць у адносінах да сябе тактоўнасці, дабрыні, спагады. І мы, дарослыя, павінны вучыць іх сваім прыкладам», – дзеліцца думкамі Вольга Блізнюк.
Яна адзначае, што тэхналагізацыя, кліпавае мысленне пакінулі свой адбітак на дзецях. Але самадысцыпліна, уменне ставіць мэты і ісці да іх, выхаванасць і тактоўнасць дапамогуць ім у любы час. Вольга Данілаўна ўпэўнена, што вышэйшая адукацыя – гэта не заўсёды штамп добрага чалавека. Галоўнае – выхаванне.

Менавіта таму маладым настаўнікам наша вопытная калега шчыра жадае любіць сваю працу. Праз любоў да прафесіі будзе і тактоўнасць, і выхаванасць, сіла тварыць, знаходзіць рэсурсы. Дзеці гэта абавязкова ацэняць.

Надзейны аплот, бацькоўскі запавет і жаночае шчасце

Таму ўсё атрымліваецца ў Вольгі Данілаўны, што заўсёды побач надзейны аплот і падтрымка – сям’я. Лепшыя хвіліны, гадзіны, дні – калі побач каханы муж, сыны і ўнучак.
«Сям’я – кожнадзённая работа па наладжванні ўзаемапаразумення. Шчасце не прыходзіць само. Яно будуецца штодня: у кухні, у маўчанні, у абдымках, у тым, як ты называеш другога… І важна ўсё гэта заўважаць», – адзначае наша гераіня. А гумар для яе – выратаванне ўсіх сямейных узаемаадносін. «У гумар трансфармуйце любую спрэчку», – дае карысную параду вопытная субяседніца.

«Вольга – мой надзейны тыл. Сапраўды гэта так. Тое, што маю ў жыцці, чаго дасянуў – у тым ліку дзякуючы яе падтрымцы і спрыянню, – дзеліцца з намі муж і па сумяшчальніцтве дырэктар Дзмітрый Аляксандравіч Блізнюк. – Яна заўсёды побач, разам пражывае ўсе моманты напружаных дырэктарскіх будняў. Маці двух цудоўных сыноў. У кожным позірку, нявыказаным слове, уздыху па тэлефоне нават за 1000 кіламетраў, яна адчувае іх настрой і ўмее знайсці патрэбнае слова, падтрымаць і супакоіць. Адказнасць, уменне накіраваць энергію навучэнцаў у патрэбнае рэчышча, згуртаваць – гэта пра яе як настаўніка. А як яна рыхтуецца да звычайнай класнай гадзіны… – не перастае захапляцца здольнасцямі нашай гераіні Дзмітрый Аляксандравіч.

Дарэчы, старэйшы сын Аляксандр атрымаў таксама педагагічную адукацыю. «Матуля – гэта маё жыццё, маё сэрца, родны чалавек, эталон жаночай мудрасці і прыгажосці», – дзеліцца ён.
Малодшы Уладзіслаў звязаў свой лёс з баскетболам і цяпер гуляе за расійскі баскетбольны клуб, мае столькі спартыўных дасягненняў, што гэта варта асобнага артыкула. Называе матулю прыкладам неверагоднай моцы, грацыі і дабрыні. «Яна разумее мяне без слоў. Мама – свет у вокнах нашага дому. Я удзячны ёй за бясконцую мудрасць, за тое, што яна заўсёды побач».

Маці мае поўнае права ганарыцца сынамі, тым больш, што яе мацярынскае сэрца сагрэта іх сыноўняй пяшчотай, любоўю, ласкай.

«Сабе асабіста часу адводжу мала. Не шкадую аб гэтым, бо люблю праводзіць яго з сям’ёй. У гэтым мая асалода. Люблю нешта гатаваць смачненькае – печыва рознае, піцу, торты, чэбурэкі. Мае мужчыны называюць такую страву «дамашка» і аддаюць ёй перавагу», – дзеліцца субяседніца.

Вольга Данілаўна любіць чытаць кнігі. Сярод любімых аўтараў – Шамякін, Сіманаў, Мележ…

Як запавет, захоўвае ў сэрцы Вольга словы бацькоў: «Сярод людзей і жыць трэба па-людску…». Так і жыве, адказная, эмпатычная, тактоўная, з пачуццём гумару. Вучыць дзяцей жыць праз свой прадмет і ў іх жа гэтаму жыццю вучыцца.

Марыць аб сямейным шчасці для сваіх дзяцей, унукаў, будучых праўнукаў. У нататках на палях свайго жыцця нястомна піша слова «дзякуй». Яна шчыра ўдзячная за тое, што мае і ніколі не плача аб тым, чаго няма. Для нашай гераіні гэта і ёсць – шчасце…

Ірына РАКУЦЬ

Поделиться
Перейти к содержимому