Дарагiя Браты i Сёстры!

Свята Божага Нараджэння – гэта асаблі­вы час, калі мы прыгадваем, што зямля не проста прымае Божага Пасланніка, але ста­новіцца Яго жыллём ужо назаўсёды.

Падзяляючы з вамі святочную радасць і дзелячыся аплаткам разам з вамі, хачу скласці ўсім вам, дарагія прыхаджане, най­лепшыя пажаданні. Няхай Хрыстус, які вы­рашыў прыйсці да чалавека, адорыць вас сваім спакоем, благаслаўленнем і патрэб­нымі ласкамі, а святло, якое зыходзіць з гэтай падзеі, няхай асвятляе ўсе цяжкасці і будзе правадніком у штодзённым жыцці да сапраўднага шчасця.

Жадаю, каб мы сапраўды паверылі, што і сёння Бэтлеемская зорка свеціць над кож­ным з нас, як над той адзінай стайняй, у якой так моцна жадаў нарадзіцца Божы Сын.

Шчаслівага Божага Нараджэння!

Са святам!

Пробашч прафіі св. Андрэя а. Віталій Юркевіч.

 

 Нараджэнне Хрыстова з’яўляецца адным з самых светлых і прыгожых свят. Яно пранізана атмасферай усеагульнай згоды і любові. Аб тым, як варта правесці святочныя дні, наша размова з пробашчам парафіі св. Андрэя айцом Віталіем Юркевічам.

– Хрысціяне ўсяго свету рыхтуюц­ца да Каляд. Айцец Віталій, давайце ўспомнім традыцыі, якія звязаны з вя­лікім святам.

– Традыцыя святкавання ўрачыстасці Бо­жага Нараджэння мае глыбокія гістарычныя карані. Гэта час, калі Бог прыходзіць да кож­нага чалавека.

Свята мае сямейны характар: наш по­гляд, у першую чаргу, у гэтыя дні накірава­ны на святую сям’ю. Каб свята атрымала­ся, каб належным чынам яго перажыць, то найлепш адзначыць яго ў сям’і: у адзіноце цяжка адчуць свята.

Калядныя традыцыі маюць глыбокую сімволіку. На стол падчас вігілійнага вечара ставяцца 12 розных посных страў, як сімвал 12 апосталаў. Кожную страву трэба паспра­баваць. Адно пустое месца за сталом па традыцыі пакідаецца для нечаканага госця.

На стале знаходзіцца Біблія, вігілійны аплатак, кладзецца крыху сена, як напамін пра Нараджэнне Хрыстуса, які з’явіўся на свет у яслях.

На святочны стол трэба паставіць свеч­ку, якую павінен запаліць гаспадар дому. Вечар распачынаецца з малітвы, гаспадар чытае ўрывак з Евангелля паводле Свято­га Лукі (другі раздзел, 1-20 глава). Усе ўваж­ліва слухаюць тэкст аб нараджэнні Езуса Хрыстуса. Далей настае момант дзялення аплаткам. Члены сям’і адломваюць кава­лак аплатку, падыходзяць адзін да аднаго, гавораць найлепшыя пажаданні, просяць прабачэння за крыўды. Аплатак – невялікі тонкі хлеб, які сімвалізуе адзінства: кожны артымлівае кавалак ад аднаго цэлага хле­ба. Так і павінна існаваць сям’я: у еднасці, згодзе і любові. Вельмі прыгожая традыцыя – спяваць калядныя песні.

У вігілійны вечар сям’я разам сядае за стол, разам ідзе ў касцёл на святую імшу. У нашым касцёле вігілійная імша адбудзецца 24 снежня ў 21.00.

У касцёл Святога Андрэя дастаўлены Віфліемскі агонь. Васямнаццаты год запар агонь, які ўвесь час гарыць у Віфліеме, мес­цы, дзе нарадзіўся Езус Хрыстус, распаў­сюджваецца па беларускіх касцёлах і цар­квах. Гэта агонь са святой зямлі, дзе пры­сутнічаюць тры рэлігіі, агонь Божы, агонь міру, еднасці. Агонь – сімвал прысутнасці Бога, адзінства з Віфліемам, з месцам на­раджэння Хрыста.

У перадсвяточныя дні бяром агонь у кас­цёле, нясём яго ў свае дамы, каб ён сагра­ваў нашы душы, нясём яго да людзей хво­рых, самотных, каб усе адчулі свята Божа­га Нараджэння.

– А якой гадзіне ў святочны дзень будзе пачынацца служба ў касцёле?

– 25 снежня ранішняя святая імша пач­нецца ў 11 гадзін, вячэрняя – у 18.00.

Хацелася б адзначыць, што дзверы кас­цёла адкрыты кожны дзень. На святую імшу ў будныя дні можна прыходзіць у 8 гадзін раніцы, увечары правіцца ў 18.00. У нядзе­лю і на ўрачыстасці святая імша пачынаец­ца ў 11.00 і 18.00.

– Асабліва чакаюць Каляд дзеці…

– Так. Традыцыйна яны атрымліваюць на свята Божага Нараджэння падарункі.

Да нас у касцёл 6 снежня прыходзіў Свя­ты Мікалай з гасцінцамі, іх атрымалі 90 ма­ленькіх прыхаджан. Яны ўжо добра ведаю­ць, чым адрозніваецца Святы Мікалай ад Дзядулі Мароза ці Санта Клауса. Св. Міка­лай на пачатку хрысціянства быў біскупам, меў вялікую любоў да людзей, быў заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.

Касцёл каталіцкі і наша парафія, у пры­ватнасці, вялікую ўвагу звяртае на сем’і, вельмі важна, каб яны былі моцныя, каб жы­лі з Богам у сэрцы. Сучасныя дзеці большую частку вольнага часу праводзяць у тэлефо­нах, іншых гаджэтах. Ім цяжка мець зносіны з аднагодкамі.

Мы імкнёмся выхоўваць хлопчыкаў і дзяўчынак так, каб яны былі адкрытыя сваёй сям’і, равеснікам, касцёлу. Кожную суботу праводзяцца заняткі па асновам рэлігіі, ка­тэхізісу: дзеці рыхтуюцца да прыняцця свя­той камуніі. Пры касцёле дзейнічае хор. Нашы маленькія прыхаджане займаюц­ца ў тэатральным гуртку, рыхтуюць сцэнкі. 25 снежня юныя акцёры прадэманструюць свой талент, падчас святой імшы мы ўбачым міні-спектакль паводле біблейскага сюжэта.

Летам касцёл арганізуе лагер адпачын­ку для дзяцей. У гэтым годзе яго наведвалі каля 100 юных слонімцаў, як каталіцкага, так і праваслаўнага веравызнання. Летам шмат часу яны праводзяць на спартыўнай пляцоўцы, гуляюць у футбол, валейбол, баскетбол, скачуць на батутах. А галоўнае, размаўляюць, сябруюць – яны разам.

Віншую ўсіх са святам Божага Нараджэн­ня і жадаю, каб у гэтыя дні мы ўсе адчулі крыху Божага цяпла.

Вольга КУР’ЯН.

Поделиться