3 снежня, у Міжнародны дзень інвалідаў, звычайна прынята прыцягваць увагу да праблем людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, да абароны іх годнасці, правоў і дабрабыту. У Міжэвіцкай сярэдняй школе прайшлі разнастайныя тэматычныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня інвалідаў.
Першага снежня распачала Тыдзень добрых спраў работа станцыі “Сітуацыйных выклікаў”, якая дапамагла развіць у навучэнцаў эмпатыю і ўважлівасць. Такі вопыт аказаўся карысным як для малодшых школьнікаў, так і для старшакласнікаў: кожны змог адчуць, наколькі важныя падтрымка і ўзаемаразуменне.
Нікога не пакінула раўнадушным фотавыстава “Пераадоленне”, якая пазнаёміла гледачоў са знакамітымі людзьмі, што маюць праблемы са здароўем.
Другога снежня падхапіў эстафету мерапрыемстваў урок дабрыні “Дарыце дабрыню без шкадавання”, які прайшоў у 1-4 класах. Вучні малодшых класаў пазнаёміліся з асаблівасцямі ўспрыняцця свету людзьмі, у якіх дрэнны зрок ці слых, спосабах зносін з імі. Вучні зразумелі, што дабрыня – рэч дзіўная. Яна збліжае, ратуе ад адзіноты і душэўных ран. У гэты ж дзень былі праведзены адзіныя інфармацыйныя гадзіны “Дабрынёй вымерай свой шлях” (5-7 класы) і “Ісціна жыцця ў дабрыні” (8-11 класы), якія дапамаглі навучэнцам задумацца аб значэнні цярпімасці ў сучасным свеце, ролі кожнага чалавека ў захаванні міру і сяброўства.

Вельмі цікавым і карысным быў трэнінг “Эфектыўныя зносіны: як дапамагчы, не пакрыўдзіўшы”, на які запрасіў навучэнцаў 5-8 класаў педагог-псіхолаг. Высокую актыўнасць і неабыякавасць да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі праявілі вучні 9-11 класаў падчас квіза “Розныя магчымасці – роўныя правы”.
Урок духоўнасці ”Узвысім душу да дабра” правёў для вучняў а. Мікалай (Шчаюк), настаяцель храма Прасвятой Багародзіцы ў аг. Міжэвічы.
Валанцёры, навучэнцы 10-11 класаў, наведалі Міжэвіцкую ўчастковую бальніцу, каб падарыць хвіліны ўвагі і дабрыні пастаяльцам палат сястрынскага догляду падчас святочнага мерапрыемства “Ад сэрца да сэрца”.

На працягу тыдня быў арганізаваны прагляд тэматычных відэафільмаў з наступным абмеркаваннем.
Не засталіся ў баку і выхаванцы дашкольнай установы: яны падрыхтавалі работы для выставы малюнкаў “Азбука дабра”.

Усе праведзеныя мерапрыемствы садзейнічалі ўмацаванню ідэй інклюзіі, фарміраванню паважлівага стаўлення да кожнага чалавека, развіццю эмпатыі, добразычлівасці і ўсведамленню каштоўнасці роўнасці і ўзаемаразумення. У ходзе мерапрыемстваў увага была звернута на тое, што жыццё інваліда вельмі адрозніваецца ад жыцця звычайных людзей. Многія не вытрымліваюць кпінаў і непавагі, але сярод іх ёсць і жыццеўстойлівыя людзі, яны падтрымліваюць адносіны з іншымі людзьмі, займаюцца спортам, жывуць паўнацэнным жыццём. Вучні зрабілі выснову, што трэба ставіцца да людзей-інвалідаў з павагай, тады ад нашай дабрыні людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі будзе лягчэй пераносіць нягоды і пазбаўленні. Трэба часцей дарыць усмешкі, радасць, цяпло сваіх сэрцаў дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, бо добрае сэрца – даражэй за ўсе тытулы.
Л. У. Тутнева, педагог, які выконвае функцыі класнага кіраўніка 7 класа
