Канцэрт-віншаванне да 75-годдзя Гродзенскай вобласці адбыўся ў аграгарадку Міжэвічы

Семдзесят пяць гадоў – тры чвэрці стагоддзя. Высокі, слаўны юбілей нашай дарагой Гродзеншчыны! Яркім канцэртам адзначалі гэтую дату ў мінулыя выхадныя ў Міжэвіцкім цэнтры культуры.

«Наша Гродзеншчына, мы жадаем табе слаўных дзён!» – назва свята чырвонай ніткай праходзіла праз усе віншаванні, песні, вершы. З вялікай любоўю і пашанай распавядала пра здабыткі і дасягненні вобласці ў кантэксце гісторыі і культуры Беларусі вядучая Ала Галілеева. Яна павіншавала ўсіх прысутных са святочнай датай, пажадала міру і працоўных поспехаў.

На працягу віншавальнага канцэрта гучалі лепшыя песні пра Гродзенскі край у выкананні вакальнага гурта эстрадных спеваў, які існуе пры філіяле «Міжэвіцкі цэнтр культуры», і кожнай з яго салістак асобна. А ўдзельнікі дзіцячага драматычнага гуртка надзвычай артыстычна прачыталі свае вершы пра Слонім, Гродна і Гродзеншчыну.

Падрыхтавала Аліна ЧАРНЫШ

Поделиться