Майстар по саломапляценню са Слоніма Валянціна Уладзіміраўна Мароз прыняла ўдзел у адкрытым конкурсе-пленэры майстроў па саломапляценню «Саламяны дуэт», які прайшоў у рамках свята «Ганненскі кірмаш 2021» у Зэльве.
У конкурсе прымалі ўдзел вядучыя майстры па саломапляценні з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі.

Майстрам неабходна было стварыць мастацкую кампазіцыю «Саламяны дуэт» — сувенірная падкова і сувенірны конь — сімвалы свята, на выкананне якой адводзілася пяць гадзін.

Творчая праца слонімчанкі была дастойна ацэнена членамі журы – Дыплом трэцяй ступені і каштоўны падарунак.

62-гадовая Валянціна Уладзіміраўна з саломкай пазнаёмілася ў 90-ых і вельмі ўдзячна лёсу за тое, што на яе жыццёвым шляху сустрэлася таленавітая настаўніца Наталля Уладзіміраўна Сакалоўская, з якой яны працавалі на фабрыцы мастацкіх вырабаў.

Неабходна адзначыць, што Валянціна Уладзіміраўна сумяшчала працу на фабрыцы з працай у Слонімскім раённым Доме рамёстваў, дзе з’яўлялася кіраўніком гуртка па саломапляценні. Зараз яна знаходзіцца на пенсіі, але не пакідае любімае рамяство. Майстрыха валодае тэхнікамі спіральнага, пласкаснога пляцення, саламянай пластыкай. Стварае кветкі, вазы, кошыкі, галаўныя ўборы, невялічкія скульптуры конікаў, птушак, анёлаў і іншыя прыгожыя вырабы. Яна заўзяты ўдзельнік гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў.

Па словах майстрыхі, у саломапляценні ёсць нейкая магічная і прыцягальная сіла. І той, хто аднойчы паспрабаваў працаваць з саломай, становіцца прыхільнікам гэтага рамяства назаўсёды.
Таццяна ДЗЕНІСЮК

Поделиться