Водаправод з даўніх часоў быў прыкметай цывілізацыі. Дакладна вядома, што ў Вялікім Княстве Літоўскім водаправод быў толькі ў некалькіх гарадах краіны – найперш у сталіцы дзяржавы Вільні, а на тэрыторыі сучаснай Беларусі – у Брэсце (гэты факт зафіксаваны ў інвентары горада 1566 г.) і Гродне (тут водаправод пачаў будавацца па ініцыятыве бурмістра горада Гануса Фандэрберга ў 1629 г.). Лічыцца, што ў Слоніме першы водаправод з’явіўся ў канцы XVIII ст. па распараджэнні тагачаснага слонімскага старасты М.К. Агінскага.

Праўда, вядома, што ў 2025 г. адбылося святкаванне 130-й гадавіны з дня заснавання слонімскага водаправода і звязваецца гэтая падзея з дазволам, выдадзеным у 1895 г. слонімскай гарадской думай мясцоваму мешчаніну Гіршу Куніцы на пабудову ў горадзе водаправода. Але, як сведчаць выяўленыя намі крыніцы, гісторыя слонімскага водаправода пачынаецца значна раней і мае дакладную дату – 5 лютага 1597 г.
Інфармацыяй пра слонімскі водаправод я зацікавіўся пасля таго, як падчас працы з дакументамі гаспадарчага характару з архіва канцлера ВКЛ Льва Іванавіча Сапегі за 1588–1607 гг. сустрэў дакумент пад назвай «Дагавор з рурмістрам» («Postanowienie z rurmistrzem»), датаваны 5 лютага 1597 г. Рурмістрам ці трубмайстрам (майстрам па трубах, rura – труба (польск.) у сярэднявеччы называлі спецыяліста, які адказваў за гарадскі водаправод. Выяўлены дакумент з’яўляецца копіяй дагавора слонімскага старасты Л.І. Сапегі з віленскім рурмістрам Міхалам Ругуцкім аб пачатку будаўніцтва водаправода ў Слоніме. Складзены на польскай мове. Пераклад на беларускую мову зроблены намі.

Дагавор з рурмістрам
Леў Сапега, канцлер Вялікага Княства Літоўскага і інш.
Гэтым маім лістом я абвяшчаю, што заключыў дамову і пагадненне з Міхалам Ругуцкім, віленскім рурмістрам, пра тое, што ён павінен правесці ваду па трубах у верхні слонімскі замак і там усталяваць скрыні (адну) на чатыры локці ў вышыню, а другую ў чатыры локці ў даўжыню. А на два локці вышэй паставіць пасярэдзіне слуп, з якога павінна ісці вада трыма струменямі, а па баках павінна быць чатыры рэзервуары («przyskrzniki»), у якія вада будзе налівацца па патрэбе.
Ён таксама павінен паставіць адзін слуп у ніжнім замку, а другі на рынку, каля якіх павінны быць кадзі для вады.
А я загадаў, каб яму далі дрэва на тую скрыню ў замку, з якой будзе выцякаць вада, а таксама на тую другую скрыню ў замку, дубовага дрэва і смалы, каб яе абвараваць, (а таксама) дрэва, патрэбнага на выраб труб і жалеза, каб іх абабіць.
Акрамя гэтага, я загадваю даць яму наяўнымі грашыма 100 коп літоўскіх грошаў, 12 бочак жыта, 8 бочак соладу, 2 бочкі гароху, 2 бочкі ячменю на крупы, і бочку солі, на саланіну 3 полці, сала 5 полцяў.
А ён павінен будзе тыя трубы за свой кошт прасвідраваць, жалеза абрабіць і наняць капачоў для капання.
А я нічого больш да того дадаваць не павінны.
Тую работу распачаць павінны будуць гэтай вясной, якая надыходзіць, і рабіць хутка, беражліва і найхутчэй яе завяршыць.
Адразу я даў яму на гэта 20 коп літоўскіх грошаў.
Паводле гэтай дамовы мой слонімскі аканом павінен яму ўсё выдаць.
Напісана ў Слоніме 5 лютага 1597 г.
Знайшоўшы згаданы дакумент, я практычна адразу патэлефанаваў у слонімскі раённы краязнаўчы музей і галоўнаму рэдактару «Слонімскага весніка» з пытаннем, ці ведаюць пра яго існаванне ў Слоніме. Адказ быў адназначны – «не». Пасля размовы я паабяцаў Кірылу Віктаравічу Ляшчанка, што падрыхтую адпаведны артыкул і першымі мы апублікуем інфармацыю пра гэтую падзею ў слонімскай раённай газеце.
Леў Іванавіч Сапега (1557–1633 гг.) – вядомая асоба часоў ВКЛ. У розныя гады ён займаў пасады пісара, падканцлера, а ў 1589–1623 гг. – канцлера ВКЛ. Пасаду канцлера можна прыраўняць да сённяшняга старшыні ўрада, такім чынам Л.І. Сапега быў, па-сутнасці, другой па значнасці асобай у дзяржаве. У 1586–1605 гг. Л.І. Сапега займаў пасаду слонімскага старасты. Стараства ў ВКЛ – адміністрацыйна-тэрытарыяльная і гаспадарчая адзінка, дзяржаўная ўласнасць. Стараствы часта перадаваліся манархам (вялікім князем) у часовае трыманне феадалам у якасці ўзнагароды за службу.
Як сведчаць крыніцы, Л.І. Сапега пасля прызначэння слонімскім старастам стаў часта наведваць Слонім. Горад вельмі яму спадабаўся, і верагодна па яго ініцыятыве ў Слоніме пачалі праводзіцца генеральныя ці галоўныя сеймікі ВКЛ, якія збіраліся перад агульнадзяржаўнымі (вальнымі) сеймамі і на якія прыязджалі паслы (дэпутаты) з усіх рэгіёнаў краіны. Па ініцыятыве Л.І. Сапегі горад быў перабудаваны і ўпарадкаваны, адрамантаваны замкавыя будынкі, падрыхтаваны памяшканні для правядзення пасяджэнняў генеральнага сейміка, архіў і бібліятэка, узніклі новыя будынкі для пражывання тых, хто прыязджаў на сеймікі, у горадзе брукаваліся дарогі і г.д. У выніку Слонім ператварыўся не толькі ў эканамічны цэнтр рэгіёна, але і ў значны палітычны цэнтр дзяржавы.
Л.І. Сапега шмат ездзіў па свеце, у маладосці вучыўся ў Еўропе, многа чаго бачыў і найлепшае стараўся перацягнуць і ў свае ўладанні. Магчыма, што і ідэя пабудаваць водаправод у Слоніме прыйшла яму пасля наведвання Кракава ці Вільні, дзе ўжо дзейнічалі гарадскія водаправоды. Нездарма ж прапанова правесці водаправод у Слоніме была зроблена віленскаму рурмістру Міхалу Ругуцкаму.
Дагавор займае адну старонку тэкста. Але якога! У ім пазначана не толькі тое, хто абавязваўся пабудаваць гэты водаправод, але і апісанне таго, куды павінна была дайсці вада, з якіх матэрыялаў ён будзе пабудаваны і інш. Дагавор быў заключаны напэўна з найлепшым спецыялістам у ВКЛ Міхалам Ругуцкім, які займаў, як ужо адзначалася, пасаду рурмістра (кіраўніка гарадскога вадаправода) ў сталіцы ВКЛ. Паводле дагавора Міхал Ругуцкі павінен быў правесці ваду па трубах у тры пункты Слоніма – ў верхні і ніжні слонімскі замак і на цэнтральную плошчу (рынак). Прадугледжвалася ўсталяванне дзвух вялікіх рэзервуараў – скрыняў (падобныя рэзервуары ў кракаўскім водаправодзе таксама называліся скрынямі). З гэтых рэзервуараў вада павінна была выцякаць у меншыя – прыскшнікі («przyskrzniki»), з якіх маглі набіраць ваду гараджане. Падобную карціну можна назіраць да сёння ў некаторых еўрапейскіх гарадах, дзе захаваліся старажытныя водаправоды. Адзінае адрозненне, што там ёмістасці, з якіх паілі коней ці з якіх набіралі ваду гараджане, былі выраблены з каменю, а ў Слоніме яны былі драўлянымі. Вада ў «przyskrzniki» павінна была налівацца са спецыяльных размеркавальных калонак – «слупоў». Такія слупы планавалася паставіць на верхнім і ніжнім замку, а таксама на рынку. У тэксце дагавора адзначалася, што каля «слупоў павінны быць кадзі для вады».
На ўзвядзенне названых «скрыняў» Л.І. Сапега загадаў выдаць будаўнікам водаправода неабходную колькасць дубовага дрэва і смалы, каб абмазаць драўляныя часткі, дастатковую колькасць дрэва на выраб драўляных труб, а таксама жалеза, каб абабіць трубы ў неабходных месцах і зрабіць злучальныя муфты, каб злучаць драўляныя трубы паміж сабой (падобныя трубы захоўваюцца ў слонімскім музеі).
Міхал Ругуцкі павінен быў «тыя трубы за свой кошт прасвідраваць, жалеза абрабіць і наняць капачоў для капання». Работы павінны былі пачацца вясной 1597 г. Л.І. Сапега загадаў свайму слонімскаму аканому выдаць М. Ругуцкаму наяўнымі грашыма 100 коп літоўскіх грошаў, акрамя таго, жыта, аўса, гароху, ячменю, солі, саланіну, сала і інш. – напэўна на фінансавае забеспячэнне работ, на найманне неабходных работнікаў, на харчаванне самога рурмістра і работнікаў. У якасці аванса М. Ругуцкаму было выдадзена 20 коп літоўскіх грошаў, што было адзначана ў тэксце. Дагавор быў складзены у Слоніме 5 лютага 1597 г., аб чым спецыяльна было пазначана напрыканцы тэкста. На нашу думку, гэта дакладная дата першай спробы пабудовы водаправода ў Слоніме, аднаго з першых гарадскіх водаправодаў у Беларусі.
Аднак пасля прачытання тэкста дагавора ўзніклі два важныя пытанні: якім чынам павінен быў забяспечвацца вадой слонімскі водаправод, і ці быў ён увогуле пабудаваны.
З гістарычных крыніц вядома, што ў XVI cт. у некаторых еўрапейскіх гарадах, дзе праводзіўся водаправод, ствараліся спецыяльныя механізмы, з дапамогай якіх можна было падаваць ваду ў трубы пад напорам. Комплекс такіх збудаванняў называўся «рурмус». У сярэдзіне рурмуса звычайна змяшчаўся механізм для падачы вады ў трубы з дапамогай вадзянога кола ці спецыяльных помпаў. Так, вадзяное кола выкарыстоўвалася ў кракаўскім рурмусе. А вось апісанне берасцейскага рурмусу ў 1566 г.: «Рурмус, або млин, с которого вода рурами до замку идет, об одном колесе водном валном великом, в котором суть помпи медяние …». Вада ў водаправодныя трубы магла паступаць і самацёкам, з якіх-небудзь крыніц, якія знаходзіліся вышэй за ўзровень гарадскіх вуліц. У дагаворы Л.І. Сапегі з Міхалам Ругуцкім ні пра якое абсталяванне для перакачкі вады не ўпаміналася, хаця зразумела, што калі б такія механізмы былі патрэбныя, то канцлер ВКЛ выдзеліў бы на іх набыццё ці пабудову грошы і інфармацыя пра гэта абавязкова была б уключана ў тэкст дагавора.
Адказ знайшоўся амаль выпадкова – пры аналізе тэкста пра аплату розным работнікам у горадзе Слоніме за выкананую працу ў 1598 г. быў выяўлены наступны запіс: «od otworzenia zdroiow do rur kop 4/48» – «за адкрыццё (раскопванне) крыніц для труб». Стала зразумелым, што сістэма дастаўкі вады ў Слонім, прапанаваная М. Ругуцкім, была заснавана на яе самацёку. На жаль, па дакументах, якія ёсць у нашым распараджэнні, выявіць, дзе знаходзіліся гэтыя ваданосныя крыніцы, устанавіць немагчыма.
Разам з тым, вядома, што вышэйзгаданы Гірша Куніца ў 1895 г. будаваў водаправод ад крыніц, якія знаходзяцца на Панасаўскіх гарах пад Слонімам. Зусім верагодна, што прадпрымальны купец правёў «свой» вадаправод па таму ж руслу, што і М. Ругуцкі ў XVI ст. Магчыма, старую водаправодную лінію выкарыстоўваў і М.К. Агінскі пры адбудове слонімскага водаправода ў канцы XVIІІ ст.
Інфармацыі аб ўвядзенні ў дзеянне слонімскага водаправода ў XVI ст. на сённяшні дзень выявіць не ўдалося. Дакладна ведаем толькі тое, што ён будаваўся. У 1598 і 1599 гг. па распараджэнні Л.І. Сапегі слонімскаму рурмістру выдаваліся прадукты харчавання і грашовыя выплаты (аплата) («za roskazaniem moim»), у 1599 г. рурмістру для рур было выдадзена некалькі вазоў жалеза, а таксама грошы за выраб свёрлаў («swider do rur wielki») для вырабу труб.
Такім чынам, гісторыкам, краязнаўцам і археолагам яшчэ трэба шукаць новыя факты пра гісторыю слонімскага водаправода. Але тое, што яго будаўніцтва было распачата па ініцыятыве Л.І. Сапегі – несумненна.
1. Рурмістр (rurmistrz) – трубмайстар (майстар па трубах), спецыяліст, які ў сярэднявеччы адказваў за гарадскі вадаправод.
2. Скрыня ў дадзеным выпадку – штучны рэзервуар, ёмістасць для вады.
3. Локаць – адзінка даўжыні ў ВКЛ. Паводле пастановы сойма Рэчы Паспалітай 1766 г. яго памеры складалі 0,6496 м.
4. Слуп – пастаўленая вертыкальна драўляная труба, з якой выцякала вада, сучасная водаразборная калонка.
5. Бочка ў сістэме мер ВКЛ – 406,54 літра.
Валянцін Фёдаравіч Голубеў
