Народны музей баявой і працоўнай славы імя А.С. Жукоўскага запрашае на  выставу франтавых лістоў і лістоў, якія былі напісаны за год да пачатку вайны і ў год пасля заканчэння вайны. Гэтыя маленькія пажоўклыя трохвугольнічкі. У кожным – цэлае жыццё…

Будуць экспаніравацца  лісты Барыса Пятровіча Нядзёшава, які загінуў ў першыя дні вайны ў Вільне, дзе ён праходзіў абавязковую службу. Яго лісты падшытыя і сабраныя ў кнігу. Азнаямленне са зместам гэтых лістоў у першую чаргу выхоўвае такія рысы характару як адказнасць, дакладнае выкананне абавязка, паважлівыя адносіны да сям’і, асабліва да матулі.

Нязменна вялікую цікавасць выклікаюць лісты М.С. Вінаградава – камандзіра 199 Слонімскай штурмавой авіядывізіі. У ліпені 1944 года дывізія вызваляла Слонім ад фашыстаў. У музеі захоўваюцца 3 альбома з матэрыяламі аб дывізіі, асабістыя рэчы лётчыкаў, асабістыя рэчы Мікалая Сяргеевіча: дакументы, узнагароды, кіцель з узнагародамі, папаха, скураны плашч, шлемафон, пейзажы і нацюрморты (алей, кардон). Камандзір не толькі распрацоўваў стратэгію і тактыку, а і здзяйсняў баявыя вылеты на адказныя заданні. Ваенная служба была суровая, але ён заўсёды зберагаў цёплыя чалавечыя пачуцці да сям’і. Пры яго занятасці, нягледзечы на стомленасць, ён знаходзіў час і сілы, каб напісаць сваім любімым жонцы Клавачцы і дачушцы Наташцы. Лісты гэтыя незвычайныя. У кожным  каляровымі алоўкамі намаляваны для дачушкі дзіцячыя малюнкі з подпісамі і партрэты сваіх любімых дзяўчатак. На вайне ніхто не ведае, што падрыхтаваў яму лёс, але Мікалай Сяргеевіч настолькі быў гатовы абараняць і вызваляць сваю Радзіму ад ворага, што быў упэўнены: «Буду жив определённо и Гитлера кончим!». Франтавыя лісты за 1941 -1945 гады – хвалюючы аповяд аб ратных подзвігах баявых сяброў, аб лютай нянавісці да фашыстаў. І ў гэтым увесь Вінаградаў – патрыёт, які цвёрда верыў у Перамогу, у светлае заўтра.

Мікалай Сяргеевіч вельмі сумаваў калі з-за непагоды нельга было лятаць. Пісаў сваёй жонцы Клаўдзіі Міхайлаўне: “…ждём немногого – подходящей погоды, всё равно какой, только бы можно было расправить крылышки, тюкнуть ещё разок по этой мороженой сволочи…”  Пад Масквой вырашыў біть ворага  ноччу. Нараніцу пасля першага начнога налёта на ворага стала вядома, што збіта 10 самалётаў праціўніка і танкі вымушаны былі павярнуць ад Масквы. За гэту аперацыю Мікалай Сяргеевіч атрымаў першую ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі. “Я не знаю, но чувствую в большую силу веры в Победу, и мы победим!” – пісаў ён пасля гэтага Клаўдзіі Міхайлаўне.

Па  прапанове Вінаградава замаскіравалі сапраўдны аэрадром і пабудавалі  фальшывы. Немцы бамбілі яго, а нашы лётчыкі збівалі іх. Сапраўдны аэрадром так замаскіравалі, што фашысты ні разу яго не бамбілі.

Ён не шкадаваў сябе, калі справа тычылася разгрома фашыстаў. Напрыклад, на станцыю  Занозную прыбылі фашысцкія эшалоны і Вінаградаў разам са сваімі лётчыкамі паляцеў іх бамбіць, нягледзячы на туман і кепскую бачнасць. Прыйшлося знізіцца да вышыні ўсяго 400 м.  На станцыі ад выбухаў узнікла вогненнае пекла.  У неба паляцелі тысячы пуль і снарадаў. Калі вярнуліся на свой аэрадром, на фюзеляжы налічылі больш за  40 прабоін. Самалёт камандзіра рамонту не падлягаў.

А.Г. Фёдараў у кнізе “Авиация в битве под Москвой” пісаў, што полк пад камандаваннем Мікалая Сяргеевіча  толькі ў адну ноч з 6 па 7 снежня, калі фашысты танкавым таранам прарываліся да Масквы, па пацверджаным дадзеным вынішчыў да 50 танкаў праціўніка.

“Николай Сергеевич был “батей” нашего полка, который умел показать, рассказать, потребовать действительно как отец”, – успамінаў былы штурман, начальнік штаба 606 палка А.Я. Бушынскі. І сапраўды, пры падрыхтоўцы да баявога вылету ён асабіста праводзіў заняткі.  На мапе вялікага масштабу змяшчаў макет цэлі і паказваў, як  зручней да яе падабрацца і знішчыць.

Ганаровы грамадзянін горада Слоніма Мікалай Сяргеевіч Вінаградаў быў самым блізкім сябрам, дарадцай следапытаў сярэдняй школы №4. Мікалай Сяргеевіч тройчы прыязджаў у наш горад і кожны раз заходзіў у школу, нават прыняў актыўны ўдзел у турзлёце.  І мы памятаем яго як вясёлага чалавека  і  сябра дзетвары, да душаў якой ён заўсёды ўмеў падабраць ключык. На прыкладзе гэтага незвычайнага чалавека лёгка ў сабе выхоўваць волю, дабівацца пастаўленай мэты, калі ісці да яе паслядоўна, пачынаючы з першай прыступкі, не здраджваючы сабе.

На выставе будуць экспаніравацца лісты партызана, байца Чырвонай Арміі Пятра Рыгоравіча Герасіменкі да сваіх родных і сяброў  і лісты родных і сяброў да яго. Больш за 3 гады родныя нічога не ведалі пра свайго сына. Бацька Рыгор Іванавіч піша знаёмаму: “…Як цяжка пісаць аб гэтым, нават няма сэнсу. Вы даруйце мне…” І вось… “Мае дарагія бацькі! Не здзіўляйцеся нічаму. На свеце няма нічога звышнатуральнага.  І тое, што я зараз жывы і здаровы – самая звычайная рэч. У плене я вырашыў: або жыць, або памерціі. 28 верасня 1943 года ўцёк… Буду жывы – убачымся, а калі заб’юць, то шмат не гаруйце. Памятайце тады, што ваш сын загінуў у барацьбе за Радзіму!”

Сяброўка Тая пісала: “Ніколі не думала што ты жывы. Не верыцца, што перада мной ляжыць ліст  ад цябе. Не думай, што я цябе не ўспамінала. Фотакартка, дзе мы разам, вісіць на сцяне, і я цябе бачу заўсёды”.

На колькі на фронце патрэбнымі былі весткі ад родных, чытаем у наступным лісце Пятра Рыгоравіча: “Пішыце аб сабе. Мне вашы радкі прыдадуць больш бадзёрасці і духа і надзеі. Узнікае жаданне пагарджаць смерцю, бегчы ўперад і біць гэтых гадаў чым папала: рукамі, нагамі, нават зубамі рваў бы. Я буду помсціць за сваю Беларусь родную, за мукі беларускага народа, за разбураныя гарады і сёлы. Калі пакончу з праклятымі фрыцамі, я вярнуся ў родны дом, які мяне чакае, вярнуся да счаслівага мірнага жыцця”.

У кожным лісце сяброўка Пятра  сумна ўспамінае: “ Была ў парку. Наш любімы з табой масток такі ж як і быў”. Ужэ ў лютым 45-га Тая просіць прыслаць здымак: “Уяўляла, уяўляла і не уявіла, які ты цяпер”

У кожнага байца быў свой масток або куточак,  пры ўспамінах аб якіх шчымліва  сціскалася  сэрца. Яны звязвалі з далёкай радзімай, выклікалі жаданне хутчэй яе вызваліць і разбіць ворага, не шкадуючы жыцця.

Поделиться