У Слонімскай раённай бібліятэцы імя Я. Коласа панавала асаблівая, цёплая атмасфера. Тут сабраліся аматары роднага слова і высокай паэзіі, каб пазнаёміцца з творчасцю вядомай гродзенскай паэтэсы і празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Міжнароднага саюза рускамоўных пісьменнікаў Вольгі Сцяпанаўны Алізар.
З уступным словам да прысутных звярнулася дырэктар раённай бібліятэкі Т.Б. Гайдук. На творчы вечар завіталі шматлікія госці: члены літаратурнага аб’яднання імя А. Іверса пры газеце «Слонімскі веснік» на чале з кіраўніком І.А. Войтка, ветэраны педагагічнай працы – удзельнікі клуба «Вдохновение» (кіраўнік А.Ф. Барбарава), вучні сярэдняй школы № 8 г. Слоніма імя В.П. Анішчыка, а таксама члены аматарскага аб’яднання «Залаты ўзрост».
Як адзначыла вядучая мерапрыемства А.В. Бэркус, Вольга Алізар — гэта не толькі таленавітая пісьменніца, але і любячая дачка, жонка, маці трох дзяцей, а таксама шчыры і добры сябар. На рахунку аўтаркі пяць зборнікаў вершаў і апавяданняў, яе творы рэгулярна друкуюцца ў рэспубліканскіх і рэгіянальных выданнях, а творчыя дасягненні неаднаразова адзначаліся на прэстыжных літаратурных конкурсах. Нядаўна яна стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, што стала знакавай падзеяй.
Падчас сустрэчы прысутнічалі мелі рэдкую магчымасць пачуць вершы ў аўтарскім выкананні. Асаблівая інтанацыя і шчырасць паэтэсы нікога не пакінулі абыякавымі. Любоў да роднай Беларусі, свайго рэгіёна і бацькоўскага краю, успаміны дзяцінства, павага да бацькоў і захапленне роднай мовай – асноўныя матывы творчасці Вольгі Алізар.

Літаратурную частку вечара гарманічна дапоўніла музычная праграма. Для ўсіх прысутных гучалі песні ў выкананні ўдзельнікаў аб’яднання па інтарэсах «Аўтарская песня», якое дзейнічае на базе Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам педагога, паэткі і празаіка Наталлі Эдуардаўны Чартапалохавай.

На памяць аб сустрэчы пісьменніца падарыла бібліятэцы свае кнігі і ўласнаручна вышыты ручнік. На завяршэнні ўсіх жадаючых запрасілі на аўтограф-сесію і памятнае фота з аўтарам.
Вечар атрымаўся цікавым, напоўнены цеплынёй, любоўю да роднага слова і шчырымі віншаваннямі.

